top of page

Пра ансамбль / About ensemble

Ансамбль «Вытокі» створаны ў 2001 годзе як Трыо ў складзе салістаў Белдзяржфілармоніі: Сяргей Махаў (флейта), Аляксей Фралоў (фагот), Ірына Аўдзеева (фартэпіяна, клавесін, арган). З цягам часу ансамбль пашырае свой склад: да «Вытокаў» далучыліся Тамара Рэмез (сапрана), Павел Cурагiн (флейта) і Ігар Аўдзееў (перкусія). У залежнасці ад праграм і мастацкіх задач ансамбль можа трансфарміравацца ад Трыо да Квінтэта і больш  (запрашаючы выканаўцаў на іншых інструментах). За час творчай дзейнасці Трыо падрыхтавала і з поспехам прадставіла ў Беларусі і за яе межамі шматлікія цікавыя праграмы, складзеныя з шэдэўраў беларускай, заходнееўрапейскай і сусветнай музыкі.

Музыканты ансамбля паасобку і разам неаднаразова выступалі ў самых прэстыжных залах Беларусі і за мяжой: у Арабскіх Эміратах, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Іспаніі, Італіі, Кітаі, Ліване, Літве, Люксембургу, Нідэрландах, Польшчы, Расіі, Сірыі, Турцыі, Францыі, Швейцарыі і інш., супрацоўнічалі на розных пляцоўках з выдатнейшымі музыкамі свету.

Мастацкі кіраўнік ансамбля салістаў “Вытокі” – лаўрэат міжнародных конкурсаў, фагатыст і дырыжор, даследчык гісторыі беларускай музыкі Аляксей Фралоў.
Ансамбль выконвае як выдатныя класічныя шэдэўры сусветнай і беларускай музыкі, так і ўнікальныя архіўныя знаходкі, а таксама спецыяльна створаныя сучаснымі аўтарамі кампазіцыі. Ансамбль - сталы ўдзельнік прэстыжных айчынных і міжнародных фестываляў, сам засноўвае фэсты. Мастацкі кіраўнік Аляксей Фралоў ініцыіраваў Фестываль "Залаты Век Беларусі" да 450-годдзя Рэфармацыі.
У 2011 "Вытокі" - адны з арганізатараў Фестываля імя Мікалая Набокава ў Мірскім і Любчанскім замках.
У 2015 Ансамбль ініцыіраваў у Беларусі і рэгулярна праводзіць канцэрты юбілейнага Фэста "Год Агінскага ў Залессі" - да 250-годдзя Міхала Клеафаса Агінскага, збіраючы ў сценах княжацкай "Сядзібы Музаў" сваіх сяброў - выдатных салістаў і разнастайныя ансамблевыя і аркестравыя калектывы.

 
bottom of page